ВІЛЬЕ́ ДЭ ЛІЛЬ-АДА́Н

(Villiers de l’Isle-Adam) Філіп Агюст Матыяс (7.11.1838, г. Сен-Брыё, Францыя — 18.8.1889),

французскі пісьменнік. Граф. На яго творчасць паўплывалі філасофія Г.Гегеля, навелістыка Э.По, эстэтыка Р.Вагнера. Зб. «Першыя вершы» (1858), драмы «Элен» (1865) і «Маргана» (1866) характарызуюцца вызначальным уздзеяннем рамантычнай паэтыкі. Раман «Ізіда» (1862, не завершаны) папярэднічаў філас. прозе 20 ст. У аповесці «Клер Ленуар» (1867) і зб. апавяд. «Трыбула Банамэ» (1887) стварыў вобраз сярэдняга франц. буржуа — недалёкага і бяздушнага абывацеля, выступіў супраць пануючых у грамадстве меркантылізму і пазітывізму. У раманах «Ева будучага» (1886), зб-ках «Жорсткія апавяданні» (1883), «Высокая страсць» (1886), «Новыя жорсткія апавяданні», «Незвычайныя гісторыі» (абодва 1888) вострая сац. сатыра спалучана з элементамі навук. фантастыкі і антыутопіі.

Аўтар драм «Бунт» (1870), «Новы свет» (1880), «Аксель» (выд. 1890).

Тв.:

Рус. пер. — Жестокие рассказы. М., 1975;

Избранное. Л., 1988.

К.М.Міхееў.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)